26 лютага на факультэце замежных моў прайшла традыцыйная інтэлектуальная віктарына «Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску!», прысвечаная Міжнароднаму дню роднай мовы. У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета свята не было такім маштабным, як у мінулыя гады: у ім прынялі ўдзел 10 каманд першакурснікаў. Удзельнікі напружана абмяркоўвалі, што значыць «мятлік», «зёлкі» і «цынамон», хто такія «смоўж» і «хрушч», як запісаць «happy end» па-беларуску, падбіралі беларускія адпаведнікі для «смайліка», стараліся правільна вызначыць сэнс фразеалагізмаў і пабудаваць прыказкі па малюнках, перакладалі радкі з вядомай дзіцячай песенькі «жили у бабуси два весёлых гуся» на беларускую мову. Па выніках спаборніцтва пераможцамі сталі каманды «Вавёркі» (Герасімовіч Ганна, Рупец Лізавета, Канаплёва Вераніка, Панкратава Мілена, Іванцова Лізавета і Чалышкоў Аляксандр) і «Цмокі» (Кавалеўская Дар’я, Палякова Віялета, Сазонава Валерыя, Радзеўская Марыя і Грыгор’ева Аляксандра). Спадзяёмся, студэнты пашырылі свае веды па беларускай мове і атрымалі зарад пазітыву пасля цяжкага вучэбнага тыдня.
А. В. Доўгаль,
дацэнт кафедры ТПЛ,
куратар групы 1112201