Дзень роднай мовы

Дайджэст Дзён роднай мовы на факультэце замежных моў.

ДЗЕНЬ 1. Алімпіяда.
Прынялі ўдзел 25 студэнтаў ад 1 да 4 курса. Напружаная інтэлектуальная праца. Удзельнікам было прапанавана 10 заданняў, максімальна можна было набраць 70 балаў. Пераможцамі сталі:
1 месца — Кацярына Шэпелева, гр. АН-32 (54 балы)
2 месца — Эльвіра Базарава, гр. АФ-23 (50 балаў)
3 месца — Кацярына Ванюкова, гр. АФ-14 (47 балаў)
ВІНШУЕМ!

ДЗЕНЬ 1. Літаратурны конкурс.
11 студэнтаў 1, 2, 3 і 4 курсаў праходзілі нялёгкае выпрабаванне — чыталі вершы і прозу на памяць. Трэба было не толькі вывучыць словы, але і крануць імі строгае журы (у складзе А. А. Доўгаль, І. Ю. Філімонавай, Л. В. Набокавай і К. Шэпелевай) і прысутных слухачоў (аднагрупнікаў і выкладчыкаў). Пераможцамі сталі:
1 месца — Іван Гарадзецкі, гр. АФ-23
2 месца — Ганна Мячыкава, гр. АФ-44
3 месца — Анастасія Сіліна і Дар'я Шамава, гр. АФ-14
ВІНШУЕМ! Асобнае дзякуй Даўлету Гелдзімырадаву за верш «Раманс» («Зорка Венера») М. Багдановіча.

ДЗЕНЬ 2. Віктарына «Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску».
6 каманд змагаліся за званне лепшага знаўцы мовы, літаратуры і культуры: «Беларуская дуда» і «Навальніца» (1 курс), «Малінавае варэнне» і «Купалінка» (2 курс), «Медыятары» (3 курс), «Салапякі» (4 курс, гр. АН-41). Пасля агульнай віктарыны з 20 пытанняў у фінал выйшлі 2 каманды — «Медыятары» і «Салапякі». Барацьба была напружаная. У выніку з невялікім адрывам ўсяго ў 2 балы перамагла каманда 4 курса. «Салапякі» аказаліся сапраўднымі лінгвістычнымі зубрамі. ВІНШУЕМ!

ДЗЕНЬ 3. Святочная імпрэза «Пра нашу мову, нашу культуру і нашу краіну».
Вёў праграму Іван Гарадзецкі. Яна пачалася з песні «Зямля мая» ў выкананні Ангеліны Белавусавай. Потым была інфармацыйная частка, якую падрыхтавалі студэнты гр. АФ-13 і АФ-14 (яны расказалі на Беларусь, нашы традыцыі, нацыянальную кухню і адзенне). Паведамленні чаргаваліся з музычнымі нумарамі: традыцыйныя беларускія песні выканала Анастасія Лагуценка, беларускую польку станчылі Вераніка Бабовіч і Таццяна Бродава, на цымбалах сыграла Дар'я Сляпцова. Далей Іван прапанаваў прысутным пражыць адзін дзень па-беларуску. Кінаролік «Адзін дзень з жыцця студэнта. Па-беларуску» быў не толькі павучальным, але і вясёлым (дзякуй Кацярыне Леганьковай і Уладзіміру Віннікаву за здымкі і мантаж). Потым А. В. Доўгаль, куратар і ініцыятар дзён роднай мовы, павіншавала пераможцаў усіх конкурсаў, уручыла дыпломы і падзякі, а таксама невялікі сувеніры. Верш М. Багдановіча «Раманс» прачытаў Даўлет Гелдзімырадаў. Цудоўную фольк-рокавую песню «Балада» выканалі дзяўчаты з калектыву «У джазе». Завяршылася імпрэза супольным спевам хіта «Тры чарапахі» (гурта «НРМ»), саліравала Дар'я Івашкевіч, жывое суправаджэнне забяспечылі барабаны (Арцём Рамачкоў) і электрагітара (Цімур Ільін). УСІМ ШЧЫРЫ ДЗЯКУЙ!


© 2024 Факультет иностранных языков
учреждения образования «Могилевский государственный университет имени А. А. Кулешова»,
ул. Космонавтов, д. 1,  212022  г. Могилев, Республика Беларусь